Беларусы-параалімпійцы рыхтуюцца да стартаў у Токіа

17.06.2021

Да пачатку Параалімпійскіх гульняў у Токіа засталося крыху больш за месяц. Галоўныя старты для спартсменаў з асаблівасцямі здароўя адбудуцца адразу пасля Алімпійскіх гульняў — з 24 жніўня да 5 верасня.

Як да гэтых Гульняў рыхтуюцца беларусы і з якімі праблемамі прыйдзецца сутыкнуцца, журналістам на прэс-канферэнцыі расказалі першы сакратар Нацыянальнага параалімпійскага камітэта Мікалай Шудзейка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па інваспорту Ігар Лапшын, старшы трэнер нацыянальнай каманды па плаванні Генадзь Вішнякоў і шматразовы чэмпіён Параалімпійскіх гульняў па плаванні Ігар Бокій.

Параалімпійскія гульні, таксама як і Алімпійскія, будуць праходзіць з выкарыстаннем жорсткіх эпідэміялагічных мер. Напрыклад, праз пандэмію каранавіруса на спартыўных аб'ектах Токіа не праводзіліся тэставыя спаборніцтвы. Падчас форуму спартсмены і члены дэлегацый павінны будуць пастаянна даваць інфармацыю аб сваіх перамяшчэннях і стане здароўя ў спецыяльным мабільным дадатку. «Становяцца больш жорсткімі непасрэдна прафілактычныя мерапрыемствы. Пакуль у нас такая ўстаноўка, што кожны дзень спартсмены будуць праходзіць па 2-3 тэсты на каранавірус. Гэта можа быць цяжка з псіхалагічнага боку для атлетаў, бо ўсякае можа здарыцца. Але ўсе ў роўных умовах, да ўсіх прад'яўляюцца аднолькавыя патрабаванні. Таму будзем усё выконваць і спадзявацца, што ўсё будзе добра», — сказаў Мікалай Шудзейка.

Дырэктар РЦАП па інваспорце Ігар Лапшын падкрэсліў, што сёння амаль усе арганізацыйныя пытанні па выступленні беларусаў у Токіа вырашаны. Пакуль складанасці ўзнікаюць толькі з пытаннямі дарогі да алімпійскай і параалімпійскай сталіцы і адтуль дадому.

На сёння беларускія параалімпійцы маюць ліцэнзіі на Гульні ў чатырох відах спорту: чатыры ў лёгкай атлетыцы, па адной ліцэнзіі ў веславанні на байдарках і каноэ і ў акадэмічным веславанні, дзве ліцэнзіі ў фехтаванні (у гэтым відзе запланавана яшчэ адна ліцэнзія). На кваліфікацыйным турніры за ліцэнзію зараз змагаюцца і дзюдаісты.

Максімальную колькасць пуцёвак у Токіа атрымалі плыўцы — 11 ліцэнзій. Своеасаблівы рэкорд яны ўстанавілі на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы ў Партугаліі: беларусы заваявалі 19 медалёў. Па словах Генадзя Вішнякова, пасля такога паспяховага выступлення на кантынентальным першынстве каманда сур'ёзна нацэлена на падрыхтоўку да галоўных стартаў і на выдатнае выступленне. Асноўныя медальныя надзеі ўскладваюцца на найлепшага беларускага параалімпійца Ігара Бокія.

«Дасягнуць высокага выніку складана, але яшчэ складаней яго вытрымаць. У мяне хвалявання няма. Зараз ідзе сур'ёзны трэніровачны працэс. На Гульнях канкурэнцыя будзе на кожнай дыстанцыі. Кожны спартсмен моцны ў сваёй катэгорыі. Будзем рыхтавацца, працаваць на максімальны вынік і будзем змагацца з усімі. Якая ў мяне любімая дыстанцыя? Мабыць, няма такой. Я проста люблю гэты спаборніцкі працэс, заплывы. Няважна, якім стылем плыву, галоўнае — барацьба, азарт. Гэта дапамагае. Я імкнуся да паляпшэння свайго выніку. Стараюся на кожным турніры біць свае рэкорды, хацелася б гэта рабіць на кожнай дыстанцыі, але не заўсёды атрымліваецца трымаць такую форму. Але імкнуцца паляпшаць свой час — гэта галоўнае».

Уся беларуская каманда на Параалімпійскія гульні — гэта сімбіёз маладосці і вопыту. Самы малады спартсмен — 15-гадовы плывец Уладзімір Сотнікаў. Як падкрэсліў Мікалай Шудзейка, ён — будучыня беларускага параалімпійскага плавання. «Ігар Бокій — сярэдняе пакаленне, але на яго ўсе раўняюцца дзякуючы яго дасягненням. У плаванні могуць задаць тон і Дзмітрый Салей, і Уладзімір Ізотаў, гэта людзі, ад якіх мы чакаем медалёў. У лёгкай атлетыцы Сяргей Бурдукоў лічыцца ветэранам. Людміла Волчак таксама на Гульні адабралася. На гэтых людзей мы разлічваем, на іх будуць глядзець маладыя спартсмены і браць з іх прыклад. Сплаў маладосці і вопыту павінен даць свае вынікі», — расказаў генеральны сакратар Нацыянальнага параалімпійскага камітэта.

Галоўная мэта беларускай параалімпійскай каманды — выступіць не горш, чым на папярэдніх Параалімпійскіх гульнях. Як адзначыў Мікалай Шудзейка, 10—12 медалёў будзе добрым вынікам для беларускіх спартсменаў.

Валерыя Сцяцко, "Звязда"

Падзяліцца:

Інфармацыйныя рэсурсы

Распрацоўка і падтрымка сайта:
Група кампаній «ЦВР «КАСТРЫЧНІЦКI»
AskerWEBТехническая поддержка сайта. ООО "AskerWeb"