Смольскія перамаглі ў сінгл-міксце на Кубку наймацнейшых, Сола і Аўсеенка - другія

Friday, 21 February 2025

Беларускія біятланісты Антон і Дынара Смольскія выйгралі адзіночную змешаную эстафету на Кубку наймацнейшых спартсменаў у "Раўбічах".

Удзел у сінгл-міксце прынялі 6 беларускіх і 18 расійскіх дуэтаў, у склад кожнай з каманд увайшлі па адным хлопцу і дзяўчыне. Усе біятланісты прабеглі па два этапы, правёўшы па два агнявых рубяжы са становішча лежачы і стоячы. На першай перадачы эстафеты Дынара Смольская займала другое месца, Антон Смольскі ўтрымаў пазіцыю на экватары гонкі, пасля трэцяга этапа Дынара ўзначаліла групу, на заключнай частцы дыстанцыі Антон захаваў лідэрства і фінішаваў першым.

На подыум таксама падняўся наш тандэм у складзе Ганны Сола і Іллі Аўсеенкі. На васьмі рубяжах нашы біятланісты выкарыстоўвалі 13 дадатковых патронаў, але абышліся без штрафных кругоў. З апошняй стральбы Аўсеенка сыходзіў чацвёртым, на фінальным крузе дагнаў сапернікаў і ў выніку перасёк фінішную рысу другім, вырваўшы адну дзясятую секунды ў Яўгена Сідарава, які бег у дуэце з Вікторыяй Сліўко. Яшчэ на 0,2 сек. ад подыўма адстаў Кірыл Бажын, якому пару склала Крысціна Разцова.

На гэты момант у скарбонцы зборнай Беларусі па біятлоне восем узнагарод (3-3-2) Кубка наймацнейшых спартсменаў. На 22 лютага запланавана класічная змешаная эстафета, а 23 лютага праграма спаборніцтваў у Раўбічах закрыецца мас-стартамі ў жанчын і мужчын.

Па матэрыялах БЕЛТА

To share: