Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

28.01.2021

Чэмпіянат Еўропы 2019 года для юнацкай зборнай па цяжкай атлетыцы выдаўся ўраджайным — шмат медалёў, пяць сусветных, 40 еўрапейскіх і 50 нацыянальных рэкордаў.

Але радасць ад гэтага патухла на фоне аднаго выступлення. На трыумфатара турніру, уладальніка «бронзы» па суме двухбор'я і малога «золата» ў рыўку Дзмітрыя Ходаса ўпала штанга. У трэцяй спробе ў штуршку ён заявіў вагу ў 146 кілаграмаў, але, страціўшы кантроль, упаў, а штанга ўпала на яго. З таго часу Дзіма не можа хадзіць. Але каварнаму снараду не ўдалося задавіць яго характар і любоў да спорту.

Зараз Дзмітрый праводзіць трэніровачны збор у Мінску. Разам з ім з Хойнікаў прыехаў першы трэнер і сябар Віктар Саракалетаў. «Пакуль я не магу дакладна і цвёрда сказаць, ці буду я далей займацца спортам. Гэты збор патрэбны, каб яшчэ раз усё ўзважыць і прыняць рашэнне. Але я не магу ўявіць сваё жыццё без спорту. Сёлета я паступіў на завочную форму ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, хутка пачнецца першая сесія. Таму праз некалькі гадоў змагу працаваць трэнерам. Раней я ўжо дапамагаў сябру трэніравацца, і мне падабаецца гэта дзейнасць. Аднак гэта ўсё роўна спорт. Ні ў якай іншай сферы я сябе ўявіць не магу», — расказвае Дзмітрый.

«Не пусціш у вучылішча — уцяку з дому»

Спортам Дзмітрый займаецца палову свайго жыцця — з дзевяці гадоў, зараз спартсмену 18: «Спачатку я хадзіў на дзюдо, але яно мяне не зачапіла, не склаліся адносіны з трэнерам. Мая «кар'ера» дзюдаіста скончылася недзе праз тыдні два пасля пачатку. Калі я быў у трэцім класе, да нас на ўрок прыйшоў трэнер і запрасіў усіх ахвотных у секцыю цяжкай атлетыкі. Мне было гэта нецікава. Але, калі праз два тыдні ён прыйшоў зноў, мне стала цікава, што ж гэта за цяжкая атлетыка такая, і я пачаў займацца». Любові з першага погляду ў іх не атрымалася, зусім хутка Дзмітрыю надакучыла. Але трэнер Віктар Саракалетаў адзначыў здольнасці хлопчыка і, як бачна, не прагадаў. «Праз нейкі час, пасля таго, як я закінуў цяжкую атлетыку, Віктар Уладзіміравіч прыехаў да маёй мамы. Ён упэўніў і мяне, і яе, што ў мяне ёсць талент і я павінен працягваць. Мы паслухалі трэнера, і я вярнуўся ў залу. Пасля першай перамогі на гарадскіх спаборніцтвах зразумеў, што я хачу займацца цяжкай атлетыкай і дасягаць высокіх вынікаў».

Па словах Дзмітрыя, трэніроўкі ў той час прыносілі адно задавальненне. Канешне, была дысцыпліна, якую юныя спартсмены часам парушалі. «Мне пашанцавала з першым трэнерам. Віктар Уладзіміравіч быў з намі на адной хвалі. Пасля трэніровак мы часта гулялі з ім у футбол, у хованкі. Ён нармальна ставіўся да нашых не самых прыкладных паводзін. Памятаю такі выпадак. Трэнер быў заняты, а мы з сябрамі гулялі ў футбол у іншай зале. Каля сцяны стаялі спартыўныя маты, і мы з сябрам за іх схаваліся. А яшчэ адзін сябар паклікаў трэнера і сказаў, што мы зніклі. Канешне, трэнер разгубіўся. А калі ён адвярнуўся, мы вылезлі і пачалі даказваць, што ўвесь час былі менавіта ў гэтай зале. Ён спачатку раззлаваўся, а потым разам з намі пасмяяўся», — успамінае Дзмітрый.

Поспехі Дзмітрыя на абласных спаборніцтвах пасадзейнічалі таму, што ў 2016 годзе яго запрасілі ў Бабруйскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе створаны выдатныя ўмовы для заняткаў цяжкай атлетыкай. На той час хлопец ужо цалкам жыў спортам. Прызнаецца, спачатку здавалася, што ў вучылішчы будзе цяжка, без сям'і, з іншым трэнерам. Але потым зразумеў, што гэта важны этап у спартыўным жыцці, які трэба прайсці, каб дасягнуць спартыўных вяршынь.

Маме перспектыва аддаць сына ў такім малым узросце ў вучылішча не вельмі спадабалася. «Мама заўсёды падтрымлівала мае заняткі спортам, ганарылася поспехамі. Але, мабыць, як і любая маці, яна хацела, каб я вучыўся побач, быў разам з ёй. Толькі я гэтага не хацеў. Па-першае, у нашым горадзе няшмат варыянтаў для атрымання адукацыі. А па-другое, я вельмі хацеў вучыцца менавіта ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Я абураўся: усе, з кім я трэніраваўся, паступаюць, а мяне мама не адпускае, як гэта так. Мы шмат спрачаліся наконт гэтага. Я нават прыгразіў, што, калі мама мяне не адпусціць, уцяку з дому. І ведаеце, уцёк бы, потым, вядома б, вярнуўся. Я ўпэўнены, калі б мама не пусціла мяне ў Бабруйск, я быў бы вельмі на яе пакрыўджаны», — дзеліцца Дзмітрый.

У 15 гадоў Дзмітрый выканаў нарматыў на званне кандыдата ў майстры спорту. А пасля юнацкага чэмпіянату Еўропы 2019 года яму прысвоена званне майстра спорту. З канца 2020 года Дзмітрый — заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь.

Усе за аднаго

Па словах Дзмітрыя, вялікую ролю ў яго жыцці адыгрываюць сябры. З найлепшым сябрам Кірылам яны сябруюць яшчэ са школы. Разам займаліся цяжкай атлетыкай, разам парушалі дысцыпліну на трэніроўках і выконвалі практыкаванні, якія трэнер даваў як пакаранне. Цяпер Кірыл вучыцца ў Мазыры, дзе абараняе спартыўны гонар вучылішча. Але розныя гарады мужчынскаму сяброўству не перашкаджаюць.

«Са школьных часоў у мяне засталіся тры сябры і дзве сяброўкі. Нават не магу сказаць, колькі гадоў мы разам. Яны вельмі моцна мяне падтрымліваюць і мне дапамагаюць. На мой погляд, сяброўства паміж хлопцам і дзяўчынай існуе, я ў гэтым упэўніўся на сваім прыкладзе. У мяне шмат сяброў з цяжкай атлетыкі. Мы не маем зносін кожны дзень, але я ўпэўнены, што яны заўжды прыйдуць на дапамогу. Я не магу назваць сябе актыўным спартыўным аматарам, у мяне няма куміраў ці горача любімых спартсменаў. Хоць не, хлушу. Мае любімыя спартсмены — мае сябры», — з гонарам дзеліцца Дзмітрый.

Галоўнымі рысамі сапраўднага сябра хлопец лічыць здольнасць і шчырае жаданне зразумець, падтрымаць і дапамагчы. Сам ён стараецца быць менавіта такім у сяброўскіх адносінах. А сябры ў яго не толькі равеснікі. Дзмітрый расказвае, што дома ў Хойніках ён не спыняў трэніровак. Дапамагае трэнер Віктар Саракалетаў, які кожны дзень наведвае свайго вучня, дае практыкаванні на ногі, прэс, спіну. Ініцыятар і ідэйны натхняльнік збораў у Мінску і ўвогуле заняткаў спортам для Дзмітрыя — Аляксандр Трыпуць, вядомы беларускі параалімпіец, бронзавы прызёр Параалімпійскіх гульняў 2016 года. Вопытны спартсмен упэўнены, Дзмітрыю трэба займацца спортам, гэта дапаможа яму не апусціць рукі.

«З Віктарам Уладзіміравічам мы знаёмы даўно. І я лічу яго старэйшым сябрам. Хоць мы і нядоўга знаёмы з Сашам Трыпуцем, але я магу назваць яго сваім сябрам. За кароткі час ён многае зрабіў для мяне. Саша сам мне напісаў, падтрымаў, падарыў спецыяльны трэнажор для ног, многаму мяне вучыць. Прызнаюся, раней я не ведаў пра яго, але потым пачытаў у інтэрнэце. Мне вельмі прыемна, што побач такі чалавек», — адзначае Дзмітрый.

Усё ці нічога

Калі меркаванне, што нашы сябры — наша адлюстраванне слушнае, то Дзмітрый Ходас — адкрыты, моцны, валявы чалавек. З самага пачатку ў маладога спартсмена была ўстаноўка — заўжды быць першым. А іначай навошта гэта ўсё, упэўнены хлопец: «Я заўжды лічыў, што трэніравацца і змагацца патрэбна для таго, каб быць першым. Мне вельмі важны вынік, хоць і працэс таксама мае значэнне. Таму мне заўсёды цікава спаборнічаць з моцнымі канкурэнтамі, тады ёсць кураж і лёгкі страх, які надае сіл. Хоць і выступаю за сябе, але я нясу адказнасць за тое, што прайграўшы магу падвесці трэнера, каманду».

Імкненне быць першым праяўлялася ў Дзмітрыя яшчэ да спорту. Ён успамінае, што нават у дзіцячых гульнях яму патрэбна было перамагчы. Хлопцу падабаецца падцягвацца, то-бок пастаянна імкнуцца наверх. Спартсмен лічыць, што такі валявы характар у яго ад бацькоў. А спорт яго толькі ўмацаваў і загартаваў. Гэта, бадай, ці не асноўная прычына такой любові.

Дзмітрый адзначае, што спорт навучыў яго не здавацца і быць гатовым да ўсяго. «На спаборніцтвах я хваляваўся, але нікому гэтага не паказваў. Канешне, былі сумненні, што я не змагу падняць пэўную вагу. Можна зрабіць усё, варта толькі захацець і сабраць усе сілы ў кулак. Псіхалагічна я гатовы да ўсяго. Кожны пройгрыш ці няўдача — гэта ўрок, які даецца, каб наступны раз быць мацнейшым», — разважае Дзмітрый.

Пакуль спартсмен не прыняў канчатковага рашэння аб працягу сваёй кар'еры. Трэнер Віктар Саракалетаў адзначае, зараз перад Дзмітрыем адкрыты многія віды спору. На зборы ў Мінску ён лепей пазнаёміўся з параалімпійскімі веславаннем і лёгкай атлетыкай. «Дзіма — моцны малады чалавек, і яму па сілах асвоіць многія віды спорту, але трэба знайсці той, дзе яму будзе максімальна камфортна працаваць. Таму зараз мы ў пошуках. У цяжкай атлетыцы будзе вельмі складана з-за класіфікацыі спартсменаў-параалімпійцаў у гэтым відзе спорту. Дзіма ўніверсальны баец, ён лёгка засвоіць любы спорт. Ён можа кідаць кап'ё, веславаць і яшчэ шмат чаго. Вядома, канчатковае рашэнне будзе за ім. Наша задача — накіраваць яго, дапамагчы вызначыцца. Дапамагае і Дзімаў трэнер з вучылішча Міхаіл Рабікоўскі. Вялікі дзякуй і Сашу Трыпуцю, і Нацыянальнаму параалімпійскаму камітэту за дапамогу, за гэты збор. Для нас з Дзімам гэта абсалютна новы вопыт і добра, што побач ёсць дасведчаныя людзі, якія могуць падказаць і накіраваць. У нас, можна сказаць, пачатак новага жыцця. Але я ў першую чаргу, дзіцяча-юнацкі трэнер. Таму, калі, дасць бог, усё будзе добра, Дзіма пойдзе трэніравацца, а я вярнуся да малых. Хлопец многаму мяне навучыў», — расказвае Віктар Саракалетаў.

Адказваючы на пытанне аб крыніцы матывацыі, Дзмітрый Ходас доўга не думае: мая матывацыя — гэта блізкія мне людзі. Я займаюся спортам, раблю ўсё дзеля сваіх блізкіх, сяброў, сям'і, малодшай сястры, мамы».

Валерыя СЦЯЦКО, "Звязда"

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Поделиться:

Интернет-ресурсы