Васіль Кірыенка: Я ні аб чым не шкадую

29.12.2020

Хачу зарабіць трэнерскі аўтарытэт

Узначаліць зборную прапанавала старшыня Беларускай федэрацыі веласпорту і мой сябар Наталля Цылінская. Потым да прапановы далучыўся дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі Дзмітрый Талкачоў. Каб прыняць правільнае і ўзважанае рашэнне, прыйшлося ўзяць час падумаць. Я потам і крывёю зарабіў свой аўтарытэт як спартсмена і, канешне, мне не хацелася яго страціць, працуючы трэнерам. У мяне быў час узважыць усе за і супраць. Я адпачыў, правёў час з сям'ёй, перажыў заканчэнне кар'еры. І настаў момант, калі... засумаваў і зразумеў, што трэба нечым займацца.

Зараз перастройваюся з ролі спартсмена на ролю трэнера. Я ніколі не быў трэнерам, а быў спартсменам, які рабіў усё неабходнае для дасягнення сваёй мэты. Адказваў толькі за самога сябе. Пасада трэнера — у пэўнай ступені кіруючая пасада, і ад мяне патрабуецца прыняцце рашэнняў. Трэба навучыцца не бянтэжыцца, каб смела і абдумана прымаць рашэнні, якія датычацца іншых людзей. Я не лічу сябе вяршыцелем лёсаў, але мае рашэнні могуць змяніць чалавеку жыццё. Пакуль я зарабляю свой трэнерскі аўтарытэт. Магчыма, на мяне яшчэ працуе мой аўтарытэт як спартсмена, але трэнерскі трэба будзе напрацаваць. Гэта цяпер мая галоўная задача, бо чалавека ацэньваюць не па словах і мінулых дасягненнях, а па ўчынках.

Чалавека такіх поглядаў у нас пакуль не было

Я выступаў у еўрапейскіх клубах і мне імпануе іх падыход да работы, да арганізацыі трэніровак, да адносін у камандзе. Я шмат гадоў правёў у Італіі і ні разу не бачыў у веласіпедыстаў двухразовых трэніровак. У маім плане павінна быць адна трэніроўка, але эфектыўная. А пасля абеду спартсменам варта схадзіць у трэнажорны зал, у басейн, да фізіятэрапеўта, выканаць яго практыкаванні — займацца актыўнасцю, да якой ляжыць душа, а не вялікімі нагрузкамі.

Лічыцца, што да трэнера спартсмены павінны звяртацца з імем па бацьку. А мне гэта не важна. Я за тое, каб спартсмены называлі мяне так, як ім зручна. Галоўнае, каб гэта не перашкаджала нармальным паважлівым адносінам. Прывяду прыклад. Аднойчы да нас прыехаў спонсар каманды, за якую я выступаў, уладальнік кампаніі Іneos Джым Рэткліф. Яго кампанія ўваходзіць у топ-50 найбуйнейшых кампаній свету, вельмі багаты чалавек з 22 тысячамі супрацоўнікаў ва ўсім свеце. І ўсе звярталіся да яго проста Джым, ён размаўляў з намі як з роўнымі, спакойна з намі катаўся.

Я за дэмакратычны стыль работы і за адказнасць. За свае парушэнні і памылкі кожны павінен адказваць самастойна. Чалавека такіх поглядаў у нас яшчэ не было. Магчыма, гэта пойдзе на карысць вынікам, паспрыяе адкрыццю новых талентаў, развіццю спартсменаў. У мяне няма маніі камандаваць. На маю думку, работа з людзьмі павінна быць заснаваная на даверы.

Ровар як спосаб жыцця

Сутнасць і задача прафесійнага спорту — папулярызацыя яго ў масах. Веласпортам займацца лёгка і гэта можа кожны. У еўрапейскіх краінах ровар — гэта транспарт, адпачынак, цэлая культура. У нас гэта пакуль толькі развіваецца, нашы людзі яшчэ не да канца зразумелі плюсы ровараў. Так, у нашым клімаце гэта немагчыма рабіць круглы год, але шэсць-сем месяцаў рэальна. Я не кажу зараз аб веласіпедным спорце на шасэ ці трэку. Такія нагрузкі звычайным людзям непатрэбныя. Але як развіваць прафесійны спорт, калі няма масавасці? Прывяду прыклад: у камандзе Алега Цінькова са мной быў нямецкі калега, які на ровары ездзіў у школу — дзесяць кіламетраў туды і назад. Так, у нашых гарадах ёсць веласіпедныя дарожкі. Але справа ў менталітэце людзей. Веласіпед лёгка можа стаць важнай часткай жыцця.

Клапаціцца пра здароўе кожнага спартсмена

У Еўропе я пазнаёміўся з алічбаваным метадам падрыхтоўкі спартсменаў, які ў нас толькі прыжываецца. Сутнасць гэтага метаду заключаецца ў тым, каб планаваць і праводзіць трэніроўкі з улікам індывідуальных асаблівасцяў арганізма кожнага спартсмена. Ён дазваляе даваць актуальную нагрузку ў патрэбны час. Чым больш інфармацыі вядома аб стане спартсмена, тым менш будзе памылак. Магчыма, хтосьці прывык працаваць, арыентуючыся па сваіх адчуваннях, але гэта ўжо не надта актуальна. У наш час апаратура дазваляе адсочваць прагрэс ці рэгрэс спартсменаў.

Я не разумею трэнераў, якія патрабуюць ад спартсмена выканаць задачу любой цаной. Веласпорт — гэта спорт на вынослівасць, на ўседлівасць. Не кожны можа па некалькі гадзін запар трэніравацца. А вынік прыходзіць не адразу, пэўны час ты можаш увогуле не бачыць вынікаў сваёй працы. Таму здароўю спартсменаў, іх фізічнаму стану трэба ўдзяляць шмат часу і ўвагі. На шчасце, у нас ёсць тэхнічныя магчымасці, каб бачыць нагрузкі спартсменаў і іх ацэньваць. Ёсць нават такі прыбор, які дазваляе ацаніць магчымасці веласіпедыстаў. Я сам ім карыстаўся, падчас гонкі ацэньваў: захавае лідар сваю форму да фінішу ці не. Арганізатары «Тур дэ Франс» нават хочуць яго забараніць, каб барацьба была больш эмацыянальнай, а спартсмены арыентаваліся на свае адчуванні.

Прафесійны веласпорт жорсткі і бескампрамісны

Сучасны веласпорт амаладзіўся. Сёння спартсмены раскрываюцца ў 21-22 гады, апошнія два «Тур дэ Франс» выйгралі спартсмены менавіта такога ўзросту. Калі раней іх маглі штучна прытармазіць, пачакаць, пакуль арганізм памацнее, то цяпер на ўзрост не звяртаюць увагі. Усе носяцца, прадстаўляюць свае каманды, зарабляюць грошы, вядома. І з-за гэтага лідары вымушаны пастаянна даказваць свой аўтарытэт уласнымі нагамі падчас гонак. Прафесійны веласпорт стаў жорсткі і бескампрамісны. Барацьба ідзе за кожную гонку. А гэта высокія хуткасці, шасэ на ўсіх не хапае і часам гонкі могуць заканчвацца трагічна. Я сам быў сведкам таго, як у мінулым годзе на гонцы «Тур Польшчы» загінуў 22-гадовы бельгійскі гоншчык Б'ёрг Ламбрэхт.

 Я пакуль не ведаю, як будзе складвацца мая трэнерская работа, як пройдуць Алімпійскія гульні ў Токіа. У веласпорце прысутнічае шмат суб'етыўных фактараў, што   могуць паўплываць на ход падзей. Сёлета дадаўся і каранавірус, які кладзе на лапаткі, бо незразумела, як хутка спартсмен можа аднавіцца пасля яго, калі захварэе. І траўмы ніхто не адмяняў. Таму я не магу зараз штосьці загадваць, будзем працаваць, улічваючы ўмовы і задачы, якія будуць узнікаць.

Хачу, каб усё было добра

Я рэалізаваў сябе як прафесійны спартсмен і я ні аб чым не шкадую. Я выступаў на многіх стартах, уваходзіў у найлепшыя каманды свету і заўжды бачыў падзяку, аддачу. Так склалася, што мне прыйшлося заўчасна скончыць кар'еру, але гэтага патрабавала маё здароўе, якое важнейшае за ўсе гонкі. Не буду сціплы, я ўспрымаю сваю кар'еру як штосьці асаблівае, неардынарнае. Не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць зрабіць кар'еру прафесійнага спартсмена і скончыць яе ў найлепшай камандзе свету. У мяне ўвогуле ніколі не было дрэнных каманд. Я ўмею знаходзіць кантакты з людзьмі і стараюся гэтаму навучыць сваіх спартсменаў.

Мне было цяжка пачынаць, але я змог развіць свой патэнцыял. Веласпорт быў маёй работай, якая мне вельмі падабалася, прыносіла грошы і задавальненне. У гэтым мне пашчасціла. І я хацеў бы, каб у спартсменаў, з якімі працую, быў такі ж шчаслівы спартыўны лёс.

Валерыя Сцяцко, "Звязда"

Поделиться:

Интернет-ресурсы