до открытия Олимпийских игр в Пекине осталось

--

дней

Уладзімір Сівіцкі: Трэба даць спартсмену магчымасць паверыць у свае сілы

17.05.2021

Уладзімір Генадзьевіч, усе падзеі 2020 года стварылі беспрэцэдэнтную сітуацыю ў сусветным спорце. На вашу думку, як пандэмія, перанос Алімпійскіх гульняў адбіліся на псіхалагічным стане?

— Сапраўды, мноства падзей мінулага года нельга назваць станоўчымі. Пераносы і адмена спаборніцтваў, каранцін не могуць пазітыўна адбіцца на рабоце трэнераў і спартсменаў, многім прыйшлося кардынальна мяняць планы. Сур'ёзная праблема ў тым, што многія спартсмены хварэлі на каранавірус, і арганізму трэба аднаўляцца. Усё гэта паўплывала на падрыхтоўку і вынікі. Сёння ў сітуацыі, калі прадстаўнікі розных краін не могуць эфектыўна ўзаемадзейнічаць паміж сабой, губляецца магчымасць бачыць, як развіваюцца іх калегі. А спорт — не толькі спаборніцтвы, гэта ў першую чаргу зносіны людзей, аб'яднаных адным інтарэсам, і сродак узаемадзеяння, культурнага абмену. І ад гэтага спорт шмат губляе ды, на маю думку, многае прыйдзецца пераасэнсаваць.

— Трэнер можа замяніць спартсмену псіхолага?

— Трэнер — галоўны чалавек у спорце, але гэта не значыць, што ён добры псіхолаг. Трэнер, які можа паспяхова замяняць псіхолага, — вялікая ўдача для спартсмена. Часта трэнеру самому патрэбен псіхолаг. І вельмі добра, калі яны працуюць разам, выконваючы свае розныя задачы. А калі гэта спалучаецца ў адным чалавеку, можа здарыцца міжасабовы канфлікт. Напрыклад, сітуацыя: трэнер патрабуе ад спартсмена выканаць вялікі аб'ём цяжкай работы. А ў таго не атрымліваецца. І што рабіць трэнеру: пашкадаваць ці прымусіць? А псіхолаг якраз павінен прыняць і зразумець і знайсці кампраміс. Асабліва гэта заўважна ў дзіцячым спорце. Мы заўсёды раім бацькам быць добрымі, ласкавымі, прымаць і падтрымліваць маленькага спартсмена. А часта бацькі займаюць пазіцыю яшчэ аднаго трэнера, і дзіця напружваецца і на трэніроўках, і дома. Часта псіхолаг патрэбен, каб паказаць і спартсмену, і трэнеру, што многія праблемы вырашальныя і жыццё не абмяжоўваецца спартыўнай арэнай.

— Практыка сведчыць, што, чым больш жорсткі трэнер, тым вышэйшыя дасягненні яго вучняў. А як гэта ўплывае на псіхалагічны стан спартсменаў?

— Калі трэнер патрабуе зашмат, ён лічыць, што спартсмен ужо гатовы гэта зрабіць, нават калі той баіцца. Тут праяўляюцца і страхі, і псіхалагічныя бар'еры. Ці ёсць у спорце найвышэйшых дасягненняў межы? Сённяшні нарматыў на майстра спорту — гэта алімпійскі рэкорд 1930-х гадоў. Важна, каб спартсмены верылі, што яны могуць зрабіць нешта нерэальнае. Я люблю прыводзіць у прыклад расійскіх гімнастак сясцёр Аверыных — яны ехалі на свой першы дарослы чэмпіянат свету з элементамі, якія ніхто да іх не выконваў. Яны ішлі па прынцыпе «або пан, або прапаў». Гэта стратэгія краін, якія маюць вялікую лаўку запасных. У Беларусі крыху іншая стратэгія: у нас кожны спартсмен на вагу золата.

Калі трэнер ставіць перад сваім вучнем грандыёзныя мэты, ён павінен разумець, як іх дасягаць, і правільна заматываваць спартсмена. Складанасць элемента — гэта біямеханіка, і калі правільна прадумаць і правільна гэтаму навучыць, усё будзе магчыма. Невыпадкова з'явіліся такія элементы, як пералёт Ткачова, крыж Аазарана, пятля Корбут і мноства іншых. У спорце найвышэйшых дасягненняў працуе прынцып «дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам». Той, хто рызыкуе і не баіцца спрабаваць нешта ўнікальнае, і перамагае. Але тут варта адзначыць, што складанасць элементаў сёння зашкальвае, таму што амалоджваюцца многія віды спорту. Дзіцяці зрабіць і засвоіць складаны элемент лягчэй, бо яно не заўсёды разумее, наколькі гэта цяжка і немагчыма. Ну і ў фізічным плане прасцей. Я з асцярогай гляджу на амаладжэнне і ўскладненне тэхнічнай часткі, таму што гэта не толькі вядзе да траўматызму, але і псіхалагічна расстройвае іншых патэнцыйных удзельнікаў. Дзеці, падлеткі глядзяць і думаюць, што ў іх нічога не атрымаецца, таму і пачынаць няма сэнсу.

— Як спартыўныя дасягненні, ранняя слава ўплываюць на псіхалагічны стан дзяцей-чэмпіёнаў?

— Безумоўна, спартыўныя дасягненні кардынальна вылучаюць іх сярод равеснікаў. Многія дарослыя кажуць, што ад славы стамляешся — што ўжо казаць пра неакрэплую псіхіку падлетка? Але ці можна сцвярджаць, што ў алімпійскай чэмпіёнкі неакрэплая псіхіка, калі стаж яе працы роўны стажу яе жыцця? Са спартыўнага пункту погляду, у яе нармальная моцная псіхіка, другая справа — сацыяльны пункт погляду. Кажучы аб устойлівасці псіхікі, важна браць пад увагу ўзаемадзеянне соцыуму і спартсмена. Калі акружэнне атлета — бацькі, сябры, трэнер — не дапамагаюць яго псіхіцы ўмацавацца, то ў будучыні могуць быць сур'ёзныя праблемы. З такімі праблемамі сутыкаемся, калі чалавек заканчвае са спортам і аказваецца абсалютна неадаптаваны да жыцця...

— Чаму часам у спартсменаў, выдатна падрыхтаваных фізічна, узнікаюць псіхалагічныя праблемы, калі яны не могуць, напрыклад, скокнуць на пэўную вышыню?

— Гэта ярка выражаная псіхалагічная праблема. Трэнер Марыі Ласіцкенэ ў адным з інтэрв'ю расказваў, як яны пераадольвалі такія бар'еры, выкарыстоўваючы розныя метафарычныя сюжэты. Напрыклад, яны разыгрывалі, што не Марыя пералятала праз планку, а воблачка праз горку. Падобныя прыёмы выкарыстоўваў Сяргей Бубка. Некаторыя трэнеры замест планкі замацоўваць нітку, і спартсмен не баіцца яе збіць. Вядомы выпадкі, калі трэнеры падманвалі спартсмена, кажучы, што паставілі планку ніжэй, чым на самай справе. Існуе вельмі шмат прыёмаў — стандартных і нестандартных, але гэта заўсёды індывідуальная работа са спартсменам. Страх перад новым бар'ерам, дасягненнем натуральны. І мы сутыкаемся з неабходнасцю яго пераадолення ў кожным відзе спорту.

— Як спартыўны псіхолаг можа дапамагчы, калі спартсмен «перагарае» за некалькі хвілін да старту і, нягледзячы на выдатную падрыхтоўку, адчувае сябе ні на што не здольным?

— Калі спартсмен сам па сабе высокатрывожны, то яму варта пастаянна працаваць з псіхолагам. Але, калі ён перагарэў непасрэдна на спаборніцтвах, то што рабіць? Гэта не значыць, што трэба падняць лапкі і здацца. Усё роўна патрэбна выйсці і паказаць вынік. Найлепшым спосабам тут будзе адцягнуць спартсмена ад думак пра выступленне. Калі ён пачне думаць пра свае праблемы і недахопы, абавязкова іх знойдзе. Асноўная задача псіхолага ў такім выпадку — засяродзіць спартсмена на дасягненні таго, што ён можа зрабіць. Магчыма, ён не пакажа максімуму, але здольны паказаць мінімум, які выконвае на трэніроўцы. І трэба яго настроіць прадэманстраваць вынік, на які ён дакладна здольны, выканаць усё тэхнічна правільна і без памылак — гэта магчыма. Існуюць розныя спосабы пераключэння, і псіхолагі імі валодаюць. Іншая справа ў тым, што псіхолагу патрэбна добра ведаць спартсмена, каб разумець, які вынік для яго падабраць.

— Уладзімір Генадзевіч, растлумачце, калі ласка, як на псіхалагічны стан спартсменаў уплываюць планы на медалі напярэдадні спаборніцтваў, чаканні ад аматараў, ад кіраўніцтва.

— На псіхалагічны стан чалавека цісне любы план, паколькі яны заўсёды ставяцца па самых верхніх паказчыках. Нават калі мы плануем звычайны рабочы дзень, хвалюемся, ці паспеем усё выканаць. Любы план і асабліва план дасягненняў кладзецца грузам на плечы спартсменаў. Але гэта неад'емная частка спорту вышэйшых дасягненняў, ад якой нікуды не падзецца. Калі трэнер не паставіць план — спартсмен яго паставіць сабе сам, бо заўсёды стараецца выступіць як мага лепш. Варта разумець, што спартсмен нікому нічога не абавязаны: ні сабе, ні аматарам, ні кіраўнікам. Ён можа заваяваць медаль — і будзе малайчына, але калі не справіцца — усё роўна малайчына. Ён аддаў усе сілы барацьбе, проста крыху не хапіла. І калі спартсмен будзе бачыць такія адносіны, на ім не будзе ніякага грузу. На буйных спаборніцтвах усе жадаюць перамагчы, і часта груз чаканняў несці немагчыма. І праз гэта здараецца, што лідары ўступаюць аўтсайдарам. Букмекеры, аматары, журналісты робяць свае прагнозы. Таму ёсць спартсмены, якія не чытаюць прэсу, а ёсць, наадварот, тыя, якіх матывуе тое, што ад іх чакаюць поспеху.

— У вас ёсць адказ на пытанне, чаму так актыўна развіваецца параалімпійскі спорт, адкуль у людзей з інваліднасцю маральныя сілы цяжка працаваць дзеля спартыўных поспехаў?

— Я не працаваў непасрэдна з параалімпійскімі камандамі. Маімі студэнтамі некалі былі Барыс Бачкоўскі і Вольга Цяцёркіна — танцавальная пара на інвалідных калясках, лідары і першаадкрывальнікі такога спорту. Гэта было дастаткова даўно і стала адкрыццём для псіхолагаў. У многіх людзей з інваліднасцю ёсць вялікі патэнцыял, але часта ў іх няма магчымасцяў яго рэалізаваць. І адсутнасць ці абмежаванне пэўных магчымасцяў штурхае іх на тое, каб праяўляць сябе ў тым, што для іх магчыма. Нельга сказаць, што гэта кампенсацыя — хутчэй, іншае размеркаванне рэсурсаў, матывацыя. Я назіраю ў людзей з абмежаванымі магчымасцямі вялікую сілу, якой многім не хапае. І дзякуючы ёй, яны рэалізоўваюць свой патэнцыял.

— Уладзімір Генадзевіч, спартыўная злосць — гэта міф ці рэальны памочнік для спартсменаў?

— Гэта не міф, а рэальная спартыўныя эмоцыя. Але трэба разабрацца. Можна раззлавацца на сябе, на саперніка ці на нейкі ўспамін. Гэтая эмоцыя ўводзіць нервовую сістэму ў стан павышанай гатоўнасці і тым самым дапамагае дасягнуць выніку. Але часам спартсмен не можа справіцца са злосцю — яна засланяе яго вочы, і той губляе кантроль над сваімі дзеяннямі, гэта можа пашкодзіць. Эмоцыя злосці цесна звязана з агрэсіўнасцю. І мы ў псіхалогіі часцей гаворым не пра злосць, а пра агрэсіўнасць, гатоўнасць праяўляць агрэсію. Усе пераможцы спартыўных спаборніцтваў агрэсіўныя, яны не шкадуюць саперніка. Усе імкнуцца быць найлепшымі і даказаць гэта.

— А якія яшчэ эмоцыі можна назваць спартыўнымі?

— Існуе мноства спартыўных эмоцый. Ёсць такі стан, калі чалавек лічыць, што ён ужо выйграў, але потым яго нехта даганяе і перамагае — так званая сітуацыя, калі медаль перад вачыма засвяціў. Ёсць горыч няўдачы, радасць перамогі, страх перад сапернікам або страх няўдач, няўпэўненасць у сваіх сілах — усё выклікае эмацыянальныя водгукі.

— Уладзімір Генадзевіч, як зараз жыве школа спартыўнай псіхалогіі?

— У 2020 годзе многае памянялася. Але, нават нягледзячы на ўсе цяжкасці, у нас былі цікавыя змены. Псіхолагі сталі больш кантактаваць паміж сабой. Адноўлена асацыяцыя спартыўных псіхолагаў, ужо хутка год, як яна існуе ў Маскве. У канцы красавіка на базе нашай кафедры правялі чарговы ХVІІІ Міжнародны метадычны семінар па спартыўнай псіхалогіі, дзе ўдзельнічалі спецыялісты з дзесяці краін. За апошні год у нас выйшла некалькі кніг. І гэта пэўны крок наперад.

Валерыя Сцяцко, "Звязда"

Поделиться:

Интернет-ресурсы

Разработка и поддержка сайта:
Группа компаний «ЦВР «ОКТЯБРЬСКИЙ»