до открытия Олимпийских игр в Пекине осталось

--

дней

Бегаць трэба з галавой і... блізкім чалавекам. Ніна і Дзмітрый Савіны раскрываюць сакрэты сямейнага бегу

20.09.2021

Знакаміты выраз пра тое, што рух — гэта жыццё, кожны разумее па-свойму. А Ніна Савіна ўспрымае яго ў прамым сэнсе. Ніна — пераможца Кубка Еўропы ў бегу на 10 000 метраў, бронзавы прызёр Варшаўскага паўмарафону, пераможца Мінскага паўмарафону 2019 года і яшчэ мноства забегаў. Адразу пасля марафону на Алімпійскіх гульнях у Токіа яна стала рыхтавацца да Мінскага паўмарафону. Увогуле, у сям'і Савіных бег вельмі любяць. Дзмітрый Савін, малодшы брат Ніны, таксама абраў яго сваім заняткам па жыцці. Ці сапраўды спорт — гэта ў іх сямейнае, Ніна і Дзмітрый расказалі «Звяздзе». І бонусам падзяліліся сакрэтам, як падрыхтавацца да Мінскага паўмарафону.

Да фінішу — басанож

«Мы выраслі ў вёсцы, і там было няшмат спартыўных секцый. Дакладней, іх увогуле не было. Займаліся звычайнай фізкультурай на школьных уроках, мне гэта падабалася. У сёмым класе я заняла другое месца ў двухкіламетровым забегу. І трэнер прапанаваў мне заняцца бегам больш сур'ёзна. Я тады мала разумела, што такое спорт, што такое вынослівасць. Не зусім разумела, чым хачу займацца. Але пагадзілася. Такая вось банальная гісторыя», — расказвае Ніна пра пачатак сваёй спартыўнай кар'еры. Але бег так захапіў дзяўчынку, што яна бегала нават босай. «Раніцай перад кросам не змагла апрануць красоўкі. Невядома чаму, распухла стапа. Мне прапаноўвалі большы па памеры абутак. Але як у ім бегчы? Ну я і пабегла басанож. І нармальна прабегла. Адчуванні, канешне, не самыя прыемныя, але ўсё добра атрымалася. Каманду нельга было падвесці — патрэбныя былі балы», — успамінае Ніна. А потым было паступленне ў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву, і спаборніцтвы, і перамогі. І «звычайныя» форс-мажоры спорту: бег праз боль, ступары на дыстанцыі, выступленні на маральна-валявых якасцях.

«Зразумеў, што такое цярпець»

У Дзмітрыя выбару было крыху больш. У сярэдняй школе, дзе ён вучыўся, працавалі розныя спартыўныя секцыі. Магчыма, у яго асобе краіна згубіла таленавітага біятланіста — у школьныя гады ў хлопца добра складваліся адносіны з гэтым відам спорту. Але настаўнік фізкультуры звольніўся, і кар'ера біятланіста ў Дзмітрыя Савіна завяршылася. Аднак пачалася бегавая кар'ера. Ніна, якая ўжо вучылася ў вучылішчы, запісала брата ў летні лагер для абітурыентаў. Усё лепш, чым сядзець дома на канікулах. «У летніку я паспрабаваў бегаць. Не скажу, што вельмі атрымлівалася, але мне спадабалася. Мяне на адзін год пакінулі як абітурыента, каб паглядзець, на што я здольны. Спачатку, вядома, не ўсё было добра, дзяўчатам прайграваў. Але потым вырас, набраў форму», — расказвае Дзмітрый. Перыяд пройгрышу дзяўчатам быў нядоўгі. Праз год Дзмітрый стаў трэцім на рэспубліканскіх спаборніцтвах па бегу на 2000 метраў з перашкодамі і быў афіцыйна залічаны ў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. А затым у Жлобіне адбыўся старт, які прадвызначыў спартыўную кар'еру і стаўленне да бегу. «Быў турнір да Дня металурга. І там я зразумеў, што такое цярпець. Я ў тым забегу быў самы малодшы. Рэзка стартануў, і пасля двух кіламетраў мне стала дрэнна, але бег далей. Дагнаў аднаго чалавека, бачу, наперадзе — яшчэ адзін, даганяю і яго. Там я зразумеў, што хоць і цяжка, але трэба бегчы. І тады паказаў нядрэнны вынік для свайго ўзросту, пабіў уласны рэкорд. А самае галоўнае — зразумеў, што значыць цярпець», — дзеліцца Дзмітрый. Пачаліся поспехі на рэспубліканскіх спаборніцтвах, запрашэнне на зборы ў Кіславодск, чэмпіянат Еўропы. Кар'ера Дзмітрыя Савіна набрала абароты. Таксама імкліва яна развівалася і ў Ніны.

«Мама была ўсімі рукамі за»

Любоў да спорту ў Савіных — гэта сямейнае. Бацькі таксама цікавіліся і займаліся спортам, але прафесіяй ніхто яго не зрабіў. Мама займалася веласпортам, але загінуў трэнер, і працягу гэтыя заняткі не атрымалі. Таму жаданне дзяцей стаць спартсменамі яна не абмяжоўвала. Ніне сказала, што гэта цалкам яе выбар і адказнасць. Дзіму актыўна падтрымала.

— Мама была ўсімі рукамі за. Мне здаецца, як і любой маці, у якой расце хлопчык, ёй хацелася накіраваць яго энергію ў правільнае рэчышча. І спорт для гэтага — найлепшы варыянт, — разважае Ніна.

— Мама была настолькі за, што ўсё за мяне вырашала. Больш за мяне цікавілася залічэннем у вучылішча, — усміхаецца Дзіма.

Вялікую ролю сыграла і тое, што дзеці былі разам, пад наглядам. Якая маці будзе супраць? «Я ездзіла па спаборніцтвах больш, чым Дзіма. І калі прыязджала, мне ўсё расказвалі пра яго. Я з братам не вельмі цырымонюся. Часам сама сабе думаю: «Можа я залішне на яго цісну. Але інакш не магу. Я з дзяцінства яго даглядаю, ён заўсёды для мяне «малодшы брацік». Часам мне здаецца, што я занадта дакучліва сябе з ім паводжу. Усё ж такі яму 19 гадоў, дарослы хлопец. Цяпер, калі нешта здараецца, нават па дробязях, стараюся прымаць пазіцыю спакойна, бо ён дарослы чалавек, і я не павінна ўлазіць у яго жыццё. Але застацца раўнадушнай не магу», — дзеліцца Ніна.

Трэба сябе кантраляваць

Ніна Савіна спецыялізуецца на самай старажытнай і, бадай, ці не самай складанай бегавой дысцыпліне — марафоне. Да старту дыстанцыі ў 42 кіламетры яна прыйшла паступова. Спачатку бегала розныя дыстанцыі, потым перайшла на 5 і 10 кіламетраў. Асвоіла іх і «прыбегла» да паўмарафонаў. А, скарыўшы паўмарафон, можна заглядваць і на марафон. «Проста так прабегчы марафон нельга. Для яго патрэбен пэўны ўзрост, схільнасць да марафону, фізіялагічныя асаблівасці арганізма. Нават калі ты пакарыў паўмарафон, не факт, што ты зможаш прабегчы марафон. Гэта абсалютна іншая дыстанцыя, удвая большая. Нават калі на марафоне ты прабяжыш 30 кіламетраў, гэта не значыць, што прабяжыш і астатнія 12. Проста нешта выключаецца, і нічога з такім станам зрабіць нельга. Можна сказаць, што сапраўдны марафон і пачынаецца пасля трыццатага кіламетра. Таму трэба разумець асаблівасці свайго арганізма і паступова падыходзіць да марафонскай дыстанцыі», — тлумачыць Ніна. Яна адзначае, што ў марафоне «забівае» не дыстанцыя, а тэмп: «Можна прайсці дыстанцыю нават непадрыхтаванаму чалавеку. Можна яе прабегчы, прайсці, прапаўзці. Пытанне — у якім тэмпе? Калі я пачну бегчы ў тэмпе, да якога не падрыхтаваная, я выключуся раней, чым дапаўзу да фінішу. Таму патрэбна правільна размяркоўваць свае сілы і адэкватна іх ацэньваць. Патрэбна сябе кантраляваць», — папярэджвае вопытная марафонка. Па словах Ніны, паўмарафону і яго дыстанцыі ў 21 кіламетр гэтая парада таксама датычыцца.

Такія забегі трэніруюць не толькі вынослівасць, але і навык кантраляваць свае цела і розум. І вельмі важная здольнасць — чуць самога сябе. «Я, калі выходжу на старт паўмарафону ці марафону, не проста бягу, як мне хочацца. Я дакладна ведаю, як я буду бегчы, ведаю свае задачы. Я заўсёды бягу па сваім графіку і сачу: адстаю я ад яго ці, наадварот, пераўзыходжу. Калі да 30 кіламетра дабягаеш і бачыш, што ўсё па графіку, то можна дадаваць тэмпу. А бываюць розныя сітуацыі. На марафоне ў Сайтама я бегла па графіку, але на 35 кіламетры мяне як прыбіла!.. Не магу — і ўсё тут. Але графік падчас забегу — галоўнае», — расказвае Ніна.

Ускладняе жыццё марафонцам і надвор'е, як гэта было, напрыклад, на Алімпійскіх гульнях у Токіа. «Мне той старт «не зайшоў». Не ведаю, што мне перашкодзіла. Магчыма, і спякота ўнесла свае карэктывы. Было вельмі горача. Наш старт перанеслі на гадзіну раней. Але ў шэсць гадзін раніцы ўжо было вельмі горача. У мужчын 20 чалавек сышлі з дыстанцыі, у нас толькі 15. Дзяўчаты аказаліся мацнейшымі. Канешне, я думала, што вынік будзе лепшы. Але я перажыла і адпусціла ўсе эмоцыі. І вынесла патрэбныя ўрокі», — расказвае Ніна пра свае першыя Алімпійскія гульні.

Дзмітрый у свае 19 гадоў пра марафоны пакуль сур'ёзна не задумваецца. Спецыялізуецца на сярэдніх дыстанцыях. Максімум — размовы з трэнерам пра магчымасць калісьці паспрабаваць свае сілы ў марафоне. «Фарсіраваць падзеі тут нельга. Марафон — гэта ўзроставая дыстанцыя. Яе пачынаюць бегаць, каб быць фізічна і маральна падрыхтаванымі, пасля 30 гадоў. Ну, я раней пачала», — заўважае Ніна. Цяпер у планах Дзмітрыя — паспрабаваць пакарыць дыстанцыю ў дзесяць кіламетраў.

Свята, вартае ўвагі

У апошнія гады бегавая культура становіцца ўсё больш папулярнай у Беларусі. Дзякуй за гэта варта сказаць і Мінскаму паўмарафону, і бегунам, якія годна выступаюць на міжнародных спаборніцтвах. Але не ўсе разумеюць, што бег можа быць сур'ёзным заняткам. «Былі людзі, якія казалі мне: «Ты вось бегаеш, а прафесіі ніякай не маеш». Ва ўсіх розныя ўяўленні. Далёкім ад спорту людзям цяжка растлумачыць, што ў мяне абсалютна нармальная работа», — заўважае Дзмітрый. Але, як адзначаюць брат і сястра, на вуліцах Бабруйска становіцца ўсё больш бегуноў. Дзмітрый упэўнены, што не ўсе правільна пачынаюць бегаць, таму і хутка заканчваюць. «Навошта пачынаць адразу бегчы? Можна пачаць з хуткай хады. Крыху прабег — прайшоўся, і паступова пачынай бегаць больш. А то некаторыя вельмі хутка стартуюць, пачынаюць балець ногі, спіна, яшчэ нешта. І заканчваюць. Паступова трэба», — дае параду Дзмітрый.

І так паступова можна прыйсці і да рэгістрацыі на Мінскі паўмарафон. Менавіта ён — паказчык таго, наколькі ў краіне развітая бегавая культура. Ніна адзначае, што з кожным годам у краіне расце цікавасць да бегу. Адсюль і папулярнасць галоўнага сталічнага забегу. «Для мяне Мінскі паўмарафон — адзін з самых значных стартаў. Я там усталявала рэкорд. Я яго выйграла, а мне важны такі вынік, паколькі гэта мая прафесія», — дзеліцца Ніна. У 2019 годзе яна першая прыбегла да фінішу дыстанцыі 21 кіламетр з вынікам 1 гадзіна 11 хвілін 24 секунды і ўстанавіла рэкорд трасы.

Ніна папярэджвае, што траса мінскага забегу зусім не простая. «Яе можна прабегчы. Пытанне — з якім тэмпам і якой падрыхтоўкай. Акрамя бегавой, там яшчэ патрэбна і сілавая падрыхтоўка. Не ўсе вытрымліваюць гэтыя пад'ёмы і спускі», — тлумачыць Ніна. Згаджаецца з сястрой і Дзмітрый. Ён пакуль пакарае толькі 5 кіламетраў. І нават самая малая дыстанцыя Мінскага паўмарафону патрабуе сіл і падрыхтоўкі. Але на пытанне, ці варта ўдзельнічаць у паўмарафоне, брат і сястра адказваюць адназначна: варта, трэба толькі падысці да яго з галавой.

Парады бегунам ад бегуноў

«Усё залежыць ад дыстанцыі. Калі гэта 21 кіламетр, то трэба ўзяць спакойны тэмп і нікуды не ляцець. На такіх масавых забегах многія рэзка стартуюць, сто метраў прабягаюць і ўсё. А трэба спакойна. На пунктах харчавання можна паесці, але калі адчуваеце сябе добра, гэта неабавязкова. Ваду ж па два глыткі трэба піць абавязкова», — раіць Ніна ўсім, хто плануе пакарыць галоўную дыстанцыю Мінскага паўмарафону.

Дзмітрый адзначае, што бегчы з галавой трэба і на пяці кіламетрах. Гэта дыстанцыя заўсёды самая папулярная. «Для многіх важна свята, а не сам забег. Таму многія бягуць толькі дзеля фота. А тым, хто хоча прабегчы, трэба рабіць гэта спакойна», — адзначае Дзмітрый.

Спартсмены далі каштоўную параду ўсім бегунам: «Калі ты бяжыш і можаш размаўляць — значыць, бяжыш у камфортным для сябе тэмпе. А калі размаўляць не можаш — трэба збаўляць тэмп». Цішэй едзеш — далей будзеш, упэўнены яны. І самая каштоўная парада — атрымаць задавальненне ад бегу і палюбіць яго.

Валерыя Сцяцко, "Звязда"

Поделиться:

Интернет-ресурсы

Разработка и поддержка сайта:
Группа компаний «ЦВР «ОКТЯБРЬСКИЙ»