Яе выступленне з тэхнічнай праграмай суддзі ацанілі на 87,7173 балы. Васіліна — прызёр чэмпіянатаў Еўропы сярод юніёраў 2018 і 2019 гадоў. Яна ж заваявала і першы міжнародны медаль для беларускага сінхроннага плавання — стала прызёрам чэмпіянату міжземнаморскіх краін. Спаборніцтвы па сінхронным плаванні працягнуцца да 14 мая.
Галоўныя надзеі
17 мая пачнуць выступленне плаўцы. Спаборніцтвы па плаванні абяцаюць быць асабліва цікавымі для аматараў. З 1993 году беларуская каманда заваявала на чэмпіянатах Еўропы 24 узнагароды, сярод іх — чатыры залатыя. Сёлета Беларусь прадставяць дзесяць атлетаў.
Лідар беларускай каманды Ілья Шымановіч будзе змагацца за медалі на дыстанцыях 50, 100 і 200 метраў брасам. У канцы красавіка Ілья выйграў чэмпіянат Беларусі на 100 і 200 метрах брасам. Ілья прызнаны лепшым плыўцом Еўропы па выніках 2020 году па версіі аўтарытэтнага парталу swimswam.com. Галоўным дасягненнем 26-гадовага спартсмена ў мінулым годзе стаў новы сусветны рэкорд на дыстанцыі 100 метраў брасам на «кароткай вадзе» з вынікам 55,35 секунд, які ён усталяваў 19 снежня падчас адкрытага чэмпіянату Беларусі. Таксама ў 2020 годзе Ілья Шымановіч пабіў два рэкорды Еўропы ў 25-метровым басейне і аднавіў дзясятак нацыянальных рэкордаў у розных дысцыплінах.
Мікіта Цмыг выступіць на дыстанцыях 50,100 і 200 метраў на спіне. На нядаўнім чэмпіянаце Беларусі Мікіта разам з Аляксандрам Кавалёвым, Рыгорам Пекарскім і Ільёй Цымбалавым сталі бронзавымі прызёрамі ў стартах 4×100 комплексам. Яго зямляк, ураджэнец Магілёўскай вобласці Рыгор Пекарскі ў Будапешце выступіць на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем, праплыве 50 метраў на спіне і 50 м і 100 м батэрфляем. У снежні 2020 году ён перамог на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем на Кубку Сальнікава ў Санкт-Пецярбургу, аднавіўшы нацыянальны рэкорд у гэтай дысцыпліне.
Самы вопытны беларускі плывец Яўген Цуркін выйдзе на старт дыстанцыі 100 метраў вольным стылем і будзе змагацца за медалі на дыстанцыях 50 і 100 метраў батэрфляем. Дарэчы, на 50 метрах батэрфляем ён заваяваў золата чэмпіянату Еўропы 2014 году.
Двухразовы бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы на кароткай вадзе Віктар Стасяловіч заяўлены ў спаборніцтвы на 50 і 100 метрах на спіне. Разам з Ільёй Шымановічам, Арцёмам Мачэкіным і Віктарам Красочка на нядаўнім чэмпіянаце Беларусі ён стаў пераможцам у эстафеце 4×100 метраў вольным стылем. Дарэчы, мінчанін Арцём Мачэкін у Будапешце будзе пераадольваць дыстанцыі ў 50 і 100 метраў вольным стылем.
У жаночых спаборніцтвах чэмпіянату Еўропы галоўнай зоркай турніру стане брэсцкі вундэркінд Настасся Шкурдай. Яна выступіць на дыстанцыях 100 і 200 метраў вольным стылем, 50,100 і 200 метраў на спіне, 50 і 100 метраў батэрфляем. Чэмпіёнка Еўропы 2019 году на нядаўнім чэмпіянаце Беларусі заваявала золата на 100 метрах на спіне, 100 і 50 метрах батэрфляем. На рахунку 18-гадовай спартсменкі дзясяткі нацыянальных рэкордаў і шэраг сусветных.
Чэмпіёнка Беларусі на дыстанцыі 200 метраў комплексам Аліна Змушка ў Будапешце выступіць на дыстанцыі 50 метраў брасам. Пераможцы чэмпіянату Беларусі ў стартах 4×100 метраў комплексам Настасся Каракоўская і Настасся Куляшова таксама будуць прадстаўляць краіну ў Будапешце. Настасся Каракоўская на 50 і 100 метрах вольным стылем, Настасся Куляшова выступіць на дыстанцыях 50 і 100 метраў.
Чэмпіянат Еўропы стане апошняй праверкай сіл спартсменаў перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіа. Як паведамляе Беларуская федэрацыя плавання, сёння алімпійскія ліцэнзіі маюць пяць беларусаў: Ілья Шмыановіч, Настасся Шкурдай, Мікіта Цмыг, Аліна Змушка, Яўген Цуркін. Арцём Мачэкін і Настасся Караўская на алімпіядзе выступяць толькі ў эстафетным плаванні.
Валерыя СЦЯЦКО, "Звязда"