Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

05.07.2021

Імя гэтага чалавека вядома кожнаму, хто чытае навіны.

Матывацыйны спікер, бізнесмен, галава сям'і, бацька чатырох дзяцей, член Канстытуцыйнай камісіі, Аляксей Талай нядаўна устанавіў новы сусветны рэкорд у параалімпійскім плаванні на этапе Сусветнай серыі. Дыстанцыю ў 50 метраў брасам ён пераадолеў за 1.18.42. А 150 метраў у комплексным плаванні праплыў за пяць хвілін, удасканаліўшы свой вынік на 10 секунд. Зараз спартсмен рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы ў Партугаліі, які стане галоўнай праверкай сіл перад Параалімпійскімі гульнямі. Дарэчы, у Токіа Аляксей паедзе па асабістым запрашэнні Міжнароднага параалімпійскага камітэта.

Адказ на пытанне «Дзе межы Аляксея Талая?» шукаюць многія. Паспрабавала гэта зрабіць і «Звязда».

— Аляксей, ваш новы рэкорд быў запланаваным ці стаў прыемным сюрпрызам?

— Едучы на спаборніцтвы, я планаваў выканаць сваю праграму-мінімум — праплыць па сваіх крайніх секундах і самому сабе паказаць, што я ў добрай форме. Я плыў і думаў, што набліжуся да свайго мінулага рэкорду. А калі ўбачыў, што пабіў яго на цэлых шэсць секунд, гэта быў вялікі сюрпрыз... Як член Канстытуцыйнай камісіі, я праводжу шмат сустрэч з людзьмі ў розных рэгіёнах краіны, мой удзел патрэбны ў розных праектах, бізнесе. І я перажываў, што праз усю гэтую занятасць не змагу дастойна выступіць на спаборніцтвах. Калі я не паспяваў у басейн, займаўся з трэнажорамі ў спартыўнай зале. Значыць, мая тактыка «рабі, што абавязаны, і рабі гэта з поўнай аддачай» была правільная. Магчыма, цудоўная прырода Італіі зрабіла сваю справу. Мы былі ў мястэчку, дзе растуць выдатныя кедры, там рос наш беларускі ядловец, пашчасціла нават паспытаць яго ягады, якія, як вядома, спеюць раз на два гады. І адбылася нейкая перазагрузка.

— Увогуле, вы адчуваеце, што ў вашым плаванні ёсць мяжа?

— Я ведаю, што на пэўным этапе мае фізічныя і фізіялагічныя асаблівасці не дадуць мне ісці наперад. Але пакуль рана аб гэтым думаць. Межы чалавечага арганізма і матывацыі я імкнуся шукаць усё жыццё. І пастаянна задаю сабе пытанне: «Што ты яшчэ можаш зрабіць, Аляксей Талай?» Нямецкая міна мяне не ўзяла, слава Богу, жывы, сям'я, дзеткі, бізнес — усё добра. Яшчэ і спорт уварваўся.

— І як у ваша жыццё ўварваўся спорт?

— Спортам я займаўся яшчэ ў дзяцінстве. Параалімпійскім пачаў займацца ў 2017 годзе, а за пяць гадоў да гэтага глядзеў Параалімпійскія гульні, і ў мяне прамільгнула думка: таксама хачу сябе паспрабаваць, можа, што і атрымаецца. Але думка прабегла, і я аб гэтым нібыта забыў. Я тады быў на этапе станаўлення, мне не было калі думаць пра спорт, патрэбна было працаваць, зарабляць грошы, каб забяспечыць сям'і належныя ўмовы. А ў 2017 годзе Дзмітрый Бачкоў запрасіў мяне ў сваю праграму на тэлеканале АНТ. Па выніках Параалімпійскіх гульняў 2016 года мы ўшаноўвалі нашага легендарнага спартсмена Ігара Бокія, там быў яго трэнер Генадзь Вішнякоў, бацькі. Мяне запрасілі як эксперта, каб разабрацца, чаму адны людзі з інваліднасцю могуць дасягаць поспехаў, а другія —  не. І мяне як маланка ўдарыла: памятаеш, хацеў, а вось жа рэалізацыя. Мы пагаварылі з Генадзем Вішняковым, я яму проста сказаў: «Паверце мне, я зраблю ўсё, што магу». Ён пільна паглядзеў мне ў вочы і паверыў. Параалімпійскі камітэт падтрымаў маё жаданне. А мы тады жылі ў Оршы і паўстала пытанне аб пераездзе ў Мінск. Жонка Настасся была цяжарная і, дзякуй ёй вялікі, пагадзілася пераехаць. Я сабе кінуў выклік — са студзеня да сакавіка набраць патрэбную форму і там ужо глядзець, ці мэтазгодна мне займацца спортам, траціць рэсурсы, грошы. Праз два месяцы я выканаў нарматыў на майстра спорту. Усе былі ў шоку. І тады на авансцэну выйшаў матывацыйны спікер Аляксей Талай, які прыкладам пацвердзіў, наколькі важна паставіць канкрэтную мэту і дакладна прытрымлівацца графіка для яе дасягнення. Калі я бяруся за нейкую дзейнасць, паблажак сабе не даю. Кожны сам для сябе вырашае, «каменем яму ляжаць ці гарэць зоркай», як Цой спяваў. Я заўсёды адчуваў, што мне трэба моцна працаваць, нездарма Усявышні пакінуў мяне жывым у той дзень 8 мая 1999 года.

І сёння я зорка параалімпійскага спорту, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы. Мне самому часам не верыцца, што гэта ўсё пра мяне.

— Аляксей, колькі ўсяго ў свеце спартсменаў-параалімпійцаў у вашым класе?

— Мы маліліся, каб знайшліся гэтыя спартсмены і каб яны атрымалі ліцэнзію на Параалімпійскія гульні ў Токіа. Ва ўсім свеце іх шэсць ці сем чалавек, і плаваюць яны толькі на спіне. Мяне гэта засмучае, бо найлепшы я ў брасе. Але ў брасе не знайшлося спартсменаў, здольных выканаць алімпійскі нарматыў. Таму на Параалімпійскіх гульнях у Токіа я буду выступаць на 50 метрах і на 100 метрах на спіне. І зараз мая задача — засяродзіцца на гэтым відзе плавання і максімальна яго ўдасканаліць.

— Атрымліваецца, што перанос Гульняў пайшоў вам на карысць?

— Невядома, як бы для мяне склаліся Параалімпійскія гульні, калі б яны былі ў мінулым годзе ў канцы жніўня — пачатку верасня, калі ў Беларусі адбываліся ўсе хвалюючыя падзеі. Невядома, аб чым бы я думаў у Токіа: аб сваім выступленні ці аб тым, што адбываецца дома. Канкрэтна ў маім выпадку добра, што гульні перанеслі. У мяне з'явіўся час стаць больш моцным, мудрым і лепш падрыхтавацца.

— Генадзь Вішнякоў адзначаў, што вы валодаеце павышанай плывучасцю. Што гэта азначае?

— Гэта адчуванне вады, любоў да яе, адчуванне сваёй еднасці з вадой, нібыта вы адно цэлае. Я без вады проста не магу, гэта мая стыхія. Калі б вы размаўлялі з маёй мамай, яна расказала б вам цікавую гісторыю пра тое, як у дзяцінстве я не засынаў без бутэлькі вады ў руках. Са мной заўсёды побач вада, я пастаянна яе п'ю: дактары ж рэкамендуюць у дзень выпіваць па 1,5-2 літры вады. Вада нібыта надае мне сілы, аднаўляе арганізм.

— Дзеці плаваннем займаюцца?

— Я думаю, будуць. Дачка Даша займалася мастацкай гімнастыкай. Зараз займаецца сучаснымі танцамі, а восенню плануем аддаць яе на спартыўную гімнастыку, каб база не страцілася. Хлопчыкі і плаваннем, і футболам займаліся. Зараз яны больш вучобай занятыя. Я вельмі б хацеў, каб хтосьці з маіх сыноў стаў ваенным.

— Аляксей, гэта праўда, што ў вас ёсць чорны пояс па таэквандо?

-. Я атрымаў яго ў ЗША пры вельмі цікавых абставінах 11 гадоў таму. Я быў у штаце Фларыда на выставе новых трэндаў па рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, у тым ліку і ў спорце. Там былі прадстаўлены спартыўныя секцыі для інвалідаў. І інклюзіўная каманда па таэквандо паказвала сваё шоу. Іх трэнер выклікаў ахвотнага разбіць дошку. Усе маўчаць... А мой амерыканскі сябар Дан павёз маю каляску да сцэны і крычыць, што ёсць ахвотныя, то-бок, я. Я спрабую тармазіць, злуюся, а ён задаволены такі. Я змірыўся, падумаў аб тым, што ў Амерыцы добрая страхоўка, і калі я зламаю руку, то хоць грошы атрымаю. Адмовіцца ж сорамна. Я ўжо Богу памаліўся, папрасіў у яго дапамогі і сам думаю: «Няхай будзе што будзе, не падвяду Беларусь». Заплюшчваю вочы, замахваюся і б'ю па гэтай дошцы. Адчуваю страшэнны боль у руцэ, адкрываю вочы, імгненне — і зала ўзрываецца апладысментамі! А дзве часткі дошкі валяюцца на падлозе, усе ў шоку. Рука балела, але не зламалася. Так я атрымаў чорны пояс па таэквандо.

— Раскажыце, калі ласка, пра ваш праект «Спартсмены Беларусі. Сіла ў адзінстве».

— Агульнацыянальны праект «Спартсмены Беларусі. Сіла ў адзінстве» быў запушчаны летась. І ў яго межах мы плённа працуем у школах, універсітэтах розных гарадоў краіны. Праект накіраваны на тое, каб прывіць нашай моладзі разуменне, што здаровы лад — гэта модна, крута і вельмі важна. Каб быць канкурэнтаздольным, патрэбна быць моцным і здаровым. Мне дактары казалі, што я выжыў, таму што паспеў пракачаць сябе на спартыўных пляцоўках, паспеў зрабіць сваё сэрца моцным, займаючыся веславаннем, а дзякуючы каратэ ўмацаваў дух. Таму маё цела змагло справіцца з усімі выпрабаваннямі. Нізкі паклон усім донарам, дзякуючы якім я жыву. Гэта былі літры крыві, і арганізму патрэбны былі сілы, каб прыняць чужую для яго субстанцыю. Я тады выжыў, а зараз у свеце жывуць чацвёра цудоўных дзетак — Марк, Уладзіслаў, Даша, Яраслаў. І як бацька, я разумею, наколькі важна, каб дзеці, моладзь былі здаровыя. І стараюся данесці гэта і да маладога пакалення. І другая мэта праекта — адарваць дзяцей ад гаджэтаў і зацікавіць іх спортам. Так, інтэрнэт, гаджэты — гэта добра, мне як інваліду яны вельмі дапамагаюць узаемадзейнічаць са светам. Але нельга на гэтым зацыклівацца.

Вось што значыць праект «Спартсмены Беларусі». І гэта магчымасць для нашых спартсменаў падключыцца да важнай сацыяльнай работы. Так, вы цудоўныя, але падзяліцеся сваім вопытам з нашай моладдзю. І за гэты праект Прэзідэнт узнагародзіў мяне прэміяй «Беларускі спартыўны алімп». Былі важныя і мае рэкорды, але галоўную ролю сыграла менавіта гэта дзейнасць.

— Аляксей, як непасрэдны ўдзельнік параалімпійскага спорту вы не лічыце, што ў нашай краіне ён недаацэнены?

— На жаль, у Беларусі існуе недаацэнка параалімпійскага спорту. Параалімпійскі спорт нашай краіны дайшоў да такога высокага ўзроўню, калі ўжо неабходна пераглядзець падыходы да яго рэгулявання для плённага развіцця дзеля славы Беларусі. Напрыклад, я магу выкарыстоўваць свае магчымасці ў плане піяру, зносін са СМІ, чыноўнікамі для папулярызацыі параалімпійскага спорту. Я магу данесці да грамадства думку, што параалімпійскі спорт недзе нават вышэйшы за алімпійскі і цаніцца павінен больш. Мала хто можа ўявіць, праз якія іспыты праходзяць гэтыя людзі — толькі яны гэта ведаюць. І параалімпійцам трэба даць слова. Няхай яны раскажуць, як перамагаць сляпому ці на інваліднай калясцы, ці, як я, без рук і ног. Гэта неверагодны жыццёвы вопыт, і, пазнаёміўшыся з ім, людзі будуць больш цаніць сваё здароўе, хтосьці паверыць у сябе. Як член Канстытуцыйнай камісіі, я хачу замацаваць у Канстытуцыі выраз «спартсмены алімпійцы і параалімпійцы». Каб у галоўным законе краіны было пацверджана, што інваліды маюць права і магчымасці займацца спортам. Гэта абсалютна справядліва і аб'ектыўна. Нашы параалімпійцы — я нават не поўнасцю прылічваю сябе да гэтых герояў — даўно даказалі, што яны гэта заслужылі. І прызавыя ў іх павінны быць аднолькавымі з алімпійцамі. Я спадзяюся, што змагу ўнесці свой уклад у развіццё параалімпійскага спорту і што ў мяне будзе магчымасць абмеркаваць гэта і з Віктарам Аляксандравічам Лукашэнкам, прэзідэнтам НАК, і з Сяргеем Міхайлавічам Кавальчуком, міністрам спорту.

— А спартыўная інфраструктура? Ці хопіць той, што ёсць?

— На маю думку, наспела неабходнасць у стварэнні новых ці перабудове існуючых аб'ектаў для РЦАП па параалімпійскіх і дэф-

алімпійскіх відах спорту. Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі ў нас ёсць, а комплексу няма. Нам патрэбен спартыўны кластар для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Дабрачынны фонд Аляксея Талая разам з Нацыянальным параалімпійскім камітэтам ужо рыхтуе дакумент-прапанову па стварэнні такога кластара, каб нашы спартсмены адчувалі сябе дагледжанымі і працавалі дзеля нашай краіны. Магчыма, будзем звяртацца да кіраўніка дзяржавы. Мы разумеем, што бюджэт краіны не гумавы, але ў нашага фонду ёсць магчымасць знайсці і спонсарскія сродкі, гэта нармальная практыка. Наш фонд актыўна працуе над гэтым праектам.

— Адкуль бярэ матывацыю матывацыйны спікер Аляксей Талай?

— Я кайфую ад жыцця. Тая падзея, калі я мог памерці, і ўсе наступныя іспыты вывелі маю свядомасць на новы ўзровень. Я зразумеў, наколькі важнае жыццё ва ўсёй яго разнастайнасці. І цяжкасці, і боль — часткі гэтага жыцця, без якіх потым не адчуваеш шчасця. Я ўсімі фібрамі душы адчуваю, як цудоўна быць тут, цаніць кожнае імгненне, любіць сваіх блізкіх, свой народ. Давайце паглядзім на нашу планету збоку. І мы тут будзем злавацца і нешта дзяліць? Давайце дарыць любоў! І тады ўсё будзе добра, і жыццё падасца цудоўным кожнаму з нас.

Валерыя Сцяцко, "Звязда"

Галерея изображений

Поделиться:

Интернет-ресурсы