— Васіліса, раскажыце, калі ласка, як праходзіць ваш алімпійскі сезон?
— У мяне быў стрэс, таму што не было алімпійскай ліцэнзіі. Але ліцэнзію заваявала, супакоілася. Падцягнула здароўе, былі невялікія праблемы. У чэрвені будзе яшчэ адзін рэйтынгавы турнір, ад яго можа залежаць жараб'ёўка на Алімпійскіх гульнях. Мы на яго вялікіх ставак не робім, разглядаем як магчымасць паглядзець сапернікаў, паспрабаваць новыя прыёмы. Зараз я поўнасцю сканцэнтравана на падрыхтоўцы да Токіа.
— По вопыце чэмпіянату Еўропы і іншых турніраў, як думаеце, саперніцы змяніліся падчас перапынку, выкліканага пандэміяй?
— У маёй катэгорыі ўсе засталіся на сваіх месцах. Некаторыя ўвогуле зніклі, напрыклад, расіянка Кацярына Букіна выбіта з каляіны, не ведаю ў сувязі з чым. Расіянка Наталля Вараб'ёва, алімпійская чэмпіёнка, на сваім месцы, добра выступае. На турнірах мы не ўбачылі азіятак. Яны лідары ў жаночай барацьбе, было б цікава на іх паглядзець. Але яны звычайна хаваюцца перад Алімпійскімі гульнямі, таму ў Токіа будзе цікава.
— Пасля Алімпійскіх гульняў вы планавалі завяршыць кар'еру. Як прайшоў дадатковы год спартыўнага жыцця?
— Я адразу падышла да гэтай сітуацыі па-філасофску. Змяніць яе я не магу, выбару ў мяне не было, таму прыйшлося падстройвацца, працаваць. Вядома, маладыя спартсменкі наступаюць на пяты, але, на жаль, не ў нашай краіне. Магчыма, калі б у мяне дома была пастаянная саперніца, была б і вышэйшая матывацыя. А так я сутыкнулася з праблемай спарынгу, выязджаць было нельга, і ў асноўным мае спарынг-партнёры — хлопцы. Але за гэты год я адпачыла, можа, тое таксама дапамагло мне стаць лепшай. Усё пакажа Алімпіяда. Пасля яе нікому не будзе цікава: быў каранавірус ці не. Ёсць медаль — маладзец, няма — ну значыць няма.
— Вы расказвалі, што ў гэты час прайшлі школу дамашняй гаспадыні. Як вам такі вопыт?
— Мне спадабалася, як мінімум таму што з'явіўся час для нармальных зносін з блізкімі. Я асела, паспрабавала, як гэта — сядзець дома, і мне спадабалася, таму што ўжо хочацца стварыць сваё гняздзечка. Не ведаю, ці змагу я доўга ўседзець на месцы. Здаецца, ужо так стамілася ад спорту, а з іншага боку, не разумею, як я буду без пастаянных раз'ездаў. Пакуль я слаба ўяўляю, што будзе, калі я закончу са спортам. Але ўжо адчуваю, што мне цяжка. На гэтай Алімпіядзе будзе вельмі высокі ўзровень, і дай бог, каб я фізічна справілася. У маральным плане ў мяне праблем няма, трэнеры кажуць, што ў мяне ўсё атрымаецца.
— Швейная машынка, якую вам падарылі сябры, падчас заняткаў дамашняй гаспадыні спатрэбілася?
— Пастаянна з ёй нешта раблю — спадніцу, сукенку падразаю. Сама пашыла спадніцу, блузу, футболку. Мне гэта падабаецца і хочацца адразу ўсяму навучыцца. Але як і ў любой справе, трэба шмат часу, цярпення, сіл. А ў мяне ўвесь энтузіязм і энергія накіраваны ў спорт.
— А як вам калекцыя алімпійскай экіпіроўкі, у якой вы будзеце выступаць у Токіа?
— Ужывую калекцыю я не бачыла, толькі ў інтэрнэце. Візуальна мне спадабалася, ёсць цікавыя мадэлі. Ніколі ў камплекце алімпійскай экіпіроўкі не было легінсаў, а гэта наша асноўнае трэніровачнае адзенне. Я была прыемна здзіўлена. Бірузовы колер, якога ў калекцыі шмат, у мяне слаба атаясамліваецца з Беларуссю, але добра, што ёсць нешта незвычайнае. Галоўнае, каб экіпіроўка добра села. Памятаю, на сваёй першай Алімпіядзе мне дасталіся занадта вялікія і вельмі малыя рэчы. Алімпійская экіпіроўка патрэбная не толькі на Алімпіядзе, таму для мяне чым больш рэчаў — тым лепш.
— Васіліса, як вы ставіцеся да таго, што алімпійскія спаборніцтвы будуць праходзіць без гледачоў?
— Калі на трыбунах будуць хоць бы японскія гледачы, сумна дакладна не будзе. У іх надзвычай развітая аматарская культура, яны вельмі выхаваныя і ўмеюць падтрымліваць не толькі сваіх спартсменаў і ствараць патрэбную атмасферу. Вядома, з пустымі трыбунамі будзе сумнавата. Але такі час... Тым больш цяпер усё можна паглядзець па трансляцыі. Алімпіяда — такая непрадказальная справа. Калі ты псіхалагічна добра падрыхтаваны, то нічога не спыніць. А калі ёсць псіхалагічныя праблемы, то любая дробязь можа выбіць з каляіны. Цікава, як усё будзе. Мы ўжо спаборнічалі без балельшчыкаў, таму будзем адчуваць падтрымку на адлегласці.
— Як вы адчуваеце сябе ў ролі дзіцячага трэнера?
— Мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі. На жаль, не магу цяпер удзяляць ім шмат часу. Мне цікава і з псіхалагічнага, і з педагагічнага пункту погляду. Гэта яшчэ і своеасаблівы выклік самой сабе — перадаць свае веды іншым. Мне падабаецца назіраць, як дзеці растуць, як у іх нешта атрымліваецца, мяне гэта захапляе. Зразумела, з майго боку патрабуецца шмат цярпення. Спартсмену неабходны час, каб перакваліфікавацца ў трэнера. Многія рэчы ўжо здаюцца звыклымі, і часам не разумееш, колькі можна адно і тое ж паўтараць. Мне мая трэнерская работа дапамагла ў рабоце са сваім трэнерам. Я дастаткова эмацыянальная і не заўсёды стрымліваю свае парывы ў нашых адносінах. І я гэта пераадолела, можа, з узростам, а можа, і дзякуючы сваёй рабоце трэнерам. Я быццам паглядзела збоку на свае адносіны з трэнерам. І многае пераасэнсавала.
— Дзяўчаты, з якімі вы працуеце, па сутнасці, ваша спартыўная змена...
— Яны класныя, але мы зусім розныя. Мне цікава даследаваць іх натуры. Я не магу сказаць, горшыя яны ці лепшыя. У кожнага свая дарога. Я не вымяраю ўсіх адной меркай. Адзінае, мне не вельмі падабаецца, калі іх трэба прымушаць нешта рабіць, ёсць такія, хто быццам з-пад палкі ўсё робіць. Я была не такой, таму мне гэта складана зразумець.
— А чаму вас навучылі вашы вучні?
— Я прывыкла, што свет круціцца вакол мяне. А ад дзяцей навучылася прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, і зразумела, што ўсе розныя. Бывае, спартсмен, які на трэніроўцы лянуецца. А потым аказваецца, што яму дрэнна, а ён проста баіцца прызнацца. Навучылася эмпатыі. І навучылася быць удзячнай, дзеці бываюць няўдзячныя і мне гэта прыемна не вельмі. Затое я зразумела, як непрыемна было трэнеру, калі мы гэтак жа сябе паводзілі. Вядома, таксама навучылася цярпенню, адсутнасць гэтай якасці мне шкодзіць па жыцці.
— У дзяцінстве вы марылі паступіць на журфак. Ці магчыма, што ў будучым дзіцячая мара спраўдзіцца і вы знойдзеце сябе ў журналістыцы?
— Пакуль гэта складанае пытанне. У мяне столькі непрачытаных кніг, столькі розных заняткаў хочацца паспрабаваць. Журналістыка — цікавая дзейнасць, рознабаковая. Але я не магу адказаць, ці бачу сябе ў гэтай сферы. Я не ўяўляю сябе без барацьбы, але ж у спорце можна выконваць розныя функцыі.
— Адкуль увогуле ў вас узялося жаданне паступіць на журфак?
— Я была звычайнай дзяўчынкай са звычайнай сям'і, вельмі любіла чытаць, была абсалютным інтравертам, поўнасцю ў сабе. Але мяне вабіла ідэя адкрываць свет іншым людзям. Памятаю такі цікавы момант. Я сяджу дома на падлозе, на сцяне вісіць тэлевізар (тады мне здавалася, што вісіць ён вельмі высока) і гляджу выступленне нашых фрыстайлістаў на Алімпійскіх гульнях, здаецца, Дзмітрый Дашчынскі скакаў. І ён выступае, а я так хвалююся, накрываюся коўдрай з галавой, трымаю пальцы крыжыкам і малюся, каб у яго ўсё атрымалася. І тады я падумала пра тое, як шчасціць журналістамі бачыць такія моманты, прысутнічаць пры грандыёзных падзеях.
— Вы дзяліліся, што хацелі б паспрабаваць сёрфінг. Удалося?
— Сёрфінг не паспрабавала. Паспрабавала толькі водныя лыжы і вейкборд. На сёрфінг так і не адважылася, хоць былі магчымасці. Я кожны раз да нечага рыхтавалася, і маё пачуццё самазахавання мне не дазволіла. Зараз я пра экстрым наогул не думаю. Рыхтуюся, трэніруюся, магу кнігу пачытаць і ў інстаграме пасядзець — усё, на што хапае часу і сіл.
— Якая ваша любімая кніга?
— «Атлант выпрастаў плечы» і «Крыніца» Айн Рэнд. Люблю «Над прорвай у жыце» Сэлінджэра, раю ўсім яе пачытаць. І вельмі люблю ўсе кнігі Джонатана Фоера. Мне падабаецца, калі ў кнізе ўсё прыгожа выкладзена і ёсць гумар.
— Васіліса, як вам удаецца, выходзячы на дыван, пераадолець сваю жаноцкасць, а потым вярнуць яе?
— Калі надзену сукенку, зраблю макіяж, не будзе відаць, што я спартсменка. Але ў зносінах я вельмі прамалінейная, цвёрдая. Нам трэнеры нават кажуць: божа, як вы ў сямейным жыцці будзеце? Вы ж ні разу не белыя і пушыстыя! А а я думаю — а наогул ці ёсць белыя і пушыстыя? У маіх стасунках усе людзі амбіцыйныя, шмат спартсменаў і ва ўсіх цікавыя характары. А вельмі жаноцкай я сябе не лічу. Ды і час цяпер такі, фемінізм квітнее.
— Эмоцыі ў барацьбе дапамагаюць ці перашкаджаюць?
— На спаборніцтвах, калі ты гатовы зрабіць усё магчымае і настроіўся псіхалагічна, то наўрад ці эмоцыі могуць перашкодзіць. У асноўным складанасці ўзнікаюць у трэніровачным працэсе. Спаборніцтвы — гэта экзамен, перад якім трэба правесці вялікую работу, і важна, каб было паразуменне з трэнерам, спарынг-партнёрамі, іншымі людзьмі. І тут мая эмацыянальнасць можа перашкодзіць. Але усе ставяцца з разуменнем. А я часцей прашу прабачэння. Падчас схваткі мне лепш быць стрыманай, тым больш што па-спартыўнаму раззлавацца ў мяне не атрымліваецца.
— Васіліса, жаночая барацьба — які від спорту?
— Неадназначны, але цікавы. Пасля перамогі на І Еўрапейскіх гульнях да нас падышоў беларускі трэнер, не памятаю, з якога віду спорту, віншуе і кажа: «Вой, дзяўчаты, я б сваю дачку не пусціў дыван валасамі выціраць». І яго можна зразумець. Хтосьці глядзіць з захапленнем. А хтосьці лічыць, што гэта непрыгожа, дзяўчаты выглядаюць неахайна, валасы растрапаныя, часам твары падрапаныя бываюць. Зусім не стандарт прыгажосці. Для мяне гэта дзіўна, я не асуджаю людзей за тое, як яны выглядаюць і чым яны займаюцца. Галоўнае — быць пазітыўным чалавекам, не рабіць злога. Спорт, які б ён ні быў, выратаваў шмат людзей ад розных нядобрых сітуацый. Для многіх дзяцей з не самых шчаслівых сем'яў спорт — білет у лепшае жыццё , выратаванне ад розных спакус. Я рэкамендую спорт усім, неабавязкова прафесійны, а проста для сябе.
Валерыя СЦЯЦКО, "Звязда"